КІБЕРНЕ́ТЫКА БІЯЛАГІ́ЧНАЯ, біякібернетыка,
навука аб заканамернасцях кіравання, сувязі і перапрацоўцы інфармацыі ў біял. сістэмах. Вывучае жывы арганізм кібернетычнымі метадамі (матэм. мадэліраванне з выкарыстаннем сістэмнага падыходу і ўлікам шматузроўневага кіравання). Звязана са многімі біял. і мед. дысцыплінамі.
Як навука сфарміравалася ў канцы 1950-х г. Яе станаўленне звязана з выкарыстаннем матэм. метадаў і сістэмных падыходаў у агульнай біялогіі ў 1-й пал. 20 ст. (англ. вучоныя Дж.Холдэйн, Р.Фішэр, сав. вучоны І.І.Шмальгаўзен і інш.), з узнікненнем паняцця адваротнай сувязі ў жывых сістэмах і мадэліраваннем біял. працэсаў (сав. вучоныя А.А.Багданаў, П.К.Анохін).
На Беларусі даследаванні па К.б. вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, фізіялогіі, тэхн. кібернетыкі; у Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту, НДІ кардыялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў і інш. Вывучаюцца мадэлі механізмаў галаўнога мозга, фізіял. і псіхічны стан чалавека-аператара, пытанні К.б. у дастасаванні да праблемы фіз. культуры і біямеханікі спорту, мадэліруюцца працэсы ўтварэння хларафілу і фотасінтэзу, перамяшчэння радыенуклідаў на забруджаных тэрыторыях і спосабы іх ачышчэння, дыягностыкі і прагназіравання захворванняў.
Літ.:
Биологическая кибернетика. 2 изд. М., 1977.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)